29 верасня парафія Св. Міхала Арханёла ў Міхалішках адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Прыгожы парафіяльны касцёл — «пярліна» Астравеччыны — збірае вернікаў не толькі раз у год: амаль кожны дзень там шмат турыстаў з Беларусі і з-за мяжы, якія прыбываюць у групах і ў індывідуальным парадку, каб пабачыць хараство архітэктуры і ўбранства святыні. У дзень адпусту касцёл таксама быў напоўнены: прыбылі святары і вернікі з наваколля.