Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзве эклезiялогii. Супярэчнасць цi ўзаемнае дапаўненне? (частка ІI)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
02.01.2013 21:06

Пазнаёмімся з некаторымі аспектамі сучаснай праваслаўнай эклезіялогіі, якія могуць мець значэнне для экуменічнага дыялогу.

Важнай рысай праваслаўнага навучання аб сутнасці Касцёла з’яўляецца адсутнасць дакладных дагматычных фармулёвак, падобных да тых, якія выражаюць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы або Божага Уцелаўлення. Таму многія вядучыя багасловы прызнаюць, што эклезіялогія знаходзіцца ў незакончанам выглядзе, на стадыі фармавання1. Існуе, аднак, нешта такое, што можна назваць супольнай эклезіяльнай свядомасцю2 праваслаўных вернікаў, якая сцісла злучана з духоўным вопытам, і яе цяжка выразіць дакладнымі акрэсленнямі. Або, магчыма, яшчэ не знайшоўся такі тэолаг, які б зрабіў гэта так дасканала, як св. Васіль Вялікі і св. Грыгорый Назіянскі выразілі таямніцу  Найсвяцейшай Тройцы, а св. Леў Вялікі — таямніцу Божага Уцелаўлення.

Заслугоўвае ўвагі спроба выразіць эклезіяльную свядомасць Праваслаўнай Царквы пры дапамозе так званай «эўхарыстычнай эклезіялогіі». Пачатак гэтаму багаслоўскаму напрамку даў протапрэзбітар Мікалай Афанасьеў у сярэдзіне XX ст., а развілі яго пазней а. Іаан Меендорф і а. Аляксандр Шмеман3. Паводле іх поўня каталіцкасці Хрыстовага Касцёла здзяйсняецца ў эўхарыстычнай супольнасці мясцовага Касцёла (дыяцэзіі), узначаленай сваім біскупам. Такім чынам, як яны лічаць, не можа быць знешняй улады над біскупам і над мясцовым Касцёлам, бо ў ім існуе поўня сакрамэнтаў і няма сакрамэнту святарства большай ступені, чым біскуп. Неабходнай умовай поўні каталіцкасці з’яўляецца адзінства і братняя сувязь мясцовага Касцёла з усімі іншымі. Аднак  эўхарыстычная эклезіялогія моцна падкрэслівае, што мясцовы Касцёл не з’яўляецца толькі часткай Паўсюднага Касцёла, але Паўсюдны Касцёл існуе ў мясцовых Касцёлах, з’яднаных паміж сабой. Айцец Аляксандр Шмеман прызнае існаванне іерархіі і першынства паміж мясцовымі Касцёламі, але адкідвае першынства як юрыдычнае права ўлады аднаго мясцовага Касцёла, або яго біскупа, над іншымі.

Пазітыўны выклад эўхарыстычнай эклезіялогіі праваслаўныя аўтары часта прыводзяць у канфрантацыі з так званай «універсальнай эклезіялогіяй», якая бачыць Хрыстовы Касцёл як адзіную сусветную супольнасць вернікаў, узначаленую адзіным бачным пастырам — намеснікам Хрыста, Рымскім Папам, а мясцовыя Касцёлы з’яўляюцца толькі «часткамі», падначаленнымі адміністрацыйнымі адзінкамі. Такую эклезіялогію праваслаўные аўтары прыпісваюць Рыма-каталіцкаму Касцёлу, і бачаць несумяшчальнаць з ёй эўхарыстычнай эклезіялогіі.

Ці сапраўды гэтыя высновы справядлівыя? Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне ў наступнай частцы артыкула, дакладна аналізуючы каталіцкае навучанне.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. митр. Иларион (Алфеев) «Православие», т.1, разд.3, гл.5, Церковь, прот. Георгий Флоровский «Церковь: ее природа и задача».
  2. Пра сутнасць таго, што тут называем супольнай свядомасцю, паразважаем у адным з наступных артыкулаў.
  3. Гл. прот. Иоанн Мейендорф «Рим и Православие: проблема авторитета», прот. Александр Шмеман «О понятии первенства в православной экклезиологии».


 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння