10 кастрычніка Росіца (Віцебская дыяцэзія) у чарговы раз прымала шматлікіх пілігрымаў. Гэтым разам месца гібелі шматлікіх пакутнікаў, разам з якімі загінулі двое благаслаўлёных святароў марыянаў Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч, сабрало вернікаў на свята кветак і ўраджаю, якое адзначалася тут упершыню.
Касцёл у сваім навучанні прадугледзіў дні, калі прапануе вернікам вызваліцца ад празмерных знешніх клопатаў і прывязанасці да зямных справаў, каб цалкам акунуцца ў атмасферу малітвы, цішыні і засяроджанасці. Для будучых святароў гэта асаблівы час ласкі, які дапамагае глыбей пазнаць саміх сябе, аднавіць сувязь з Хрыстом і адкрыцца на Яго любоў.
«Першая канфірмацыя» біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, лучнасць рэктара пінскай семінарыі кс. Андрэя Рылкі з Якубам Коласам, сабакі і каты ў касцёлах на асвячэнні і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за мінулы тыдзень.
10 кастрычніка адбылося дыяканскае пасвячэнне брата Паўла Яштэля з Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатыны). Новы дыякан паходзіць з парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве. Разам з ім пасвячэнне атрымалі 7 семінарыстаў з Польшчы.
11 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адбыўся сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў біcкуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
9 кастрычніка ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско адбыўся тэатральны вечар. Арганізатарамі гэтага свята імправізацый па традыцыі сталі салезіяне супрацоўнікі Аляксандр Перадкоў і Уладзіслаў Зарэцкі, якім дапамагалі аніматары Кацярына Мальцава і Павел Купцоў.
Каардынатар СДМ у Беларусі кс. Антоні Грэмза і моладзь душпастырства «OPEN» у г. Гродна запрашаюць душпастыраў моладзі і саму моладзь гродзенскіх парафій 17 кастрычніка на святую Імшу ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Пасля дакладаў з малых лiнгвiстычных груп Catholic.by папрасiў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце», што праходзіць у Ватыкане, адказаць на некаторыя пытаннi i выказаць свае меркаваннi адносна працы гэтага сусветнага форуму бiскупаў.
3 кастрычніка Папа Францішак даў аўдыенцыю Апостальскаму Нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці. Падчас сустрэчы Пантыфік благаславіў вуглавы камень пад будаўніцтва новага касцёла ў Гомелі, які носіць той жа тытул, што мела разбураная ў 1938 г. каталіцкая святыня – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Незадоўга да знішчэння гэтага касцёла былі растраляны святары, якія ў ім служылі.
5-6 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу прайшоў V Суперфінал міжнароднага праекта «Салют Талентаў» Музыка фестывальнага сезону 2014-2015. У першы дзень конкурсныя выступленні праходзілі адразу на дзвюх сцэнах, сваё майстэрства прадставілі больш за 600 юных музыкантаў з 67 гарадоў Расіі, Казахстана, Узбекістана, Фінляндыі і Беларусі. Удзел у конкурсе Даніла Савені з Маладзечна стаў магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Моладзевай місіі «Чыстае сэрца».
3 кастрычнiка ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) склаў вечныя манаскія абяцанні брат Павел Федаровіч МІС.
У Пінску на вуліцы Янішчыц ідзе да завяршэння будаўніцтва касцёла св. Бэнэдыкта. 8 кастрычніка на будаўнічай пляцоўцы быў асвечаны і ўшанаваны крыж, які ўжо ўсталяваны на касцёльнай вежы. Абрад асвячэння здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
«Я з вялiкай радасцю ўспрыняў вестку аб прысуджэннi Вам Нобелеўскай прэмii ў галiне лiтаратуры за 2015 год, — адзначыў у віншаванні Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Гэта прызнанне Вашай лiтаратурнай дзейнасцi на сусветным узроўнi, а таксама вялiкi гонар для нашай багатай на таленты Бацькаўшчыны Беларусi».
Ва ўспамін святога Францішка Асізскага, 4 кастрычніка, у парафіі ва Удзеле прайшла парафіяльная ўрачыстасць. Падчас яе адбылося асвячэнне жывёл, якое, па словах пробашча парафіі айца Яраслава, праводзілася ў Віцебскай дыяцэзіі ўпершыню.
Сёння, 8 кастрычніка 2015 года, у 14.00 стала вядома імя Лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры, і, на вялікую радасць і гонар для нашага народа, — гэта імя беларускі Святланы Алексіевіч.