Чаму хрысціяне не падпальваюць пасольствы? |
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага |
19.09.2012 10:31 |
Смерць чатырох дыпламатаў, дзясяткі знішчаных будынкаў, тысячы спаленых амерыканскіх і еўрапейскіх сцягаў — вось такі чорны шлейф пацягнуў за сабой аматарскі фільм «Нявіннасць мусульман». Рэакцыя мусульман на знявагу прарока Мухамеда гэтым разам па сваёй гвалтоўнасці пераўзышла рэакцыю ў 2005–2006 гг., калі ў адной дацкай газеце былі змешчаны карыкатуры Прарока. Хто вінаваты? — гэтае пытанне чарговы раз павісла ў паветры, гэтым пытаннем прасякнуты шматлікія каментары, дыскусіі і палемікі вакол трагічных падзей мінулых тыдняў. Магчымы прынамсі два адказы: 1) вінаваты стваральнікі фільма; маўляў, калі б не яго з’яўленне, не было б гэтых смертаносных падзей; 2) вінавата «нецярпімасць» мусульман, якія не ўмеюць або не хочуць прызнаць «свабоду слова». Абодва адказы, аднак, спараджаюць далейшыя пытанні. Бо калі прызнаць, што вінаваты стваральнікі фільма, то ці гэта азначае, што трэба цяпер усталёўваць якуюсьці цэнзуру? Само слова «цэнзура» некаторых наводзіць на вусціш. А калі прызнаць, што вінаваты мусульмане, то напрошваецца пытанне: а што, калі для некаторых (а нават для многіх) добрае імя Прарока больш важнае, чым свабода слова? Мэтай гэтага допісу не ёсць высвятленне, хто і наколькі вінаваты. Хацелася б скарыстаць з нагоды, каб глянуць на наш, хрысціянскі, свет праз прызму «абразы рэлігійных пачуццяў». Бо тут справа ўжо не абмяжоўваецца аказіянальным выпускам нейкага аматарскага фільма. Публічнае высмейванне і аплёўванне хрысціянскіх святыняў, прычым не ў чужым, а ва ўласным цывілізацыйным абшары, часам набывае сапраўды ўражваючы размах. Вось Злучаныя Штаты: з канца 90-х гадоў рэгулярна ў розных тэатрах робіцца пастаноўка блюзнерскага спектакля «Corpus Christi» (апошняя пастаноўка адбылася месяц таму ў Каліфорніі). Езус і Ягоныя вучні паказаны ў ім геямі, а здрада Юды — здрадай на глебе сексуальнай рэўнасці. Вось Францыя: узімку 2011–2012 гг. у Тулузе і Парыжы ладзілася пастаноўка спектакля «Пікнік на Галгоце», дзе крыжовая мука нашага Пана апаганена з дапамогай парнаграфічных сцэн, а сам Пан Езус прыроўнены да тэрарыста. Пастаноўкі гэтага блюзнерскага спектакля часткова фінансаваліся французскім урадам (!). Вось Польшча: Адам Дарскі, зорка чорнага металу, публічна рве Біблію, характарызуючы яе амаль нецэнзурнымі эпітэтамі. Вось Беларусь: цэнтральныя вуліцы краіны названы ў гонар тых, хто нішчыў касцёлы і цэрквы, спілоўваў крыжы і спрычыніўся да смерці соцень і тысяч вызнаўцаў Хрыста... Прыклады можна множыць, але і гэтых дастаткова, каб задацца адным пытаннем: чаму хрысціяне — кажучы вобразна — не падпальваюць пасольствы? |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|