У маі 1962 г. Прэзідыумам ЦК КПСС было прынята рашэнне стварыць на Кубе савецкую базу з атамнай зброяй. Атрымаўшы згоду кубінскага кіраўніцтва, ва ўмовах высокай сакрэтнасці, на востраў накіраваліся савецкія ваенныя караблі з сакрэтным грузам. Аднак амерыканскія самалёты U-2 змаглі сфатаграфаваць замаскіраваныя ракеты. Прэзідэнт ЗША Джон Кэнэдзі тэрмінова прыняў рашэнне аб устанаўленні ваеннай блакады вакол «вострава свабоды». Блакада азначала, што амерыканская армія будзе тапіць любыя караблі, якія падплывалі да Кубы, нават савецкія. Над светам узнікла пагроза ІІІ Сусветнай вайны. Арміі абедзвюх дзяржаваў былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць. І тут, у самы разгар канфлікту, да кіраўнікоў супрацьстаячых бакоў звярнуўся папа Ян ХХІІІ: «Пачуйце занепакоены вокліч, які даносіцца з усіх куткоў зямлі, ад нявінных дзяцей да старых — да неба ўзносяцца словы: міру, міру». Менавіта аб укладзе Яна ХХІІІ у мірнае існаванне паміж краінамі з рознымі ідэалогіямі і бачаннем свету мы пагаворым у сённяшняй праграме.