«Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» — гэта першыя словы, з якімі звярнуўся Бог да Адама і Евы (пар. Быц 1, 28). І ўжо потым, нашмат пазней, быў запавет з Абрагамам, выхад з Егіпта, дзесяць запаведзяў на Сінаі, абвяшчэнне Езусам Хрыстом Валадарства Божага. Спачатку ж Бог даў людзям простую, але фундаментальную запаведзь: «пладзіцеся і размнажайцеся». Без яе выканання ўсё астатняе будзе немагчыма. Нашыя продкі нават і ўявіць не маглі, што можна не выканаць гэты Божы наказ, бо гэта так натуральна — шлюб, дзеці, унукі, сям’я.